Рубель (рэбрак, пральнік)

 

   Рубель – прадмет хатняга побыту, які жанчыны выкарыстоўвалі для прасавання бялізны пасля мыцця. Падобны працэс прасавання быў неверагодна працаёмкім і патрабаваў ад жанчыны пэўных фізічных намаганняў і цягавітасці.

   Рубель, нароўні з калаўротам і швейкам, быў традыцыйным падарункам сястры, нявесце, жонцы і дачцэ. Жаніхі дарылі яго выбранніцам (выразаўшы ў дадатак да ўзору ініцыялы нявесты і дату вяселля), а заадно і правяралі будучых гаспадынь на «прыдатнасць» да сямейнага побыта. Калі дзяўчына магла справіцца адной рукой – моцная і стане сапраўднай захавальніцай хатняга ачага, а вось калі двума – то замуж ёй ісці пакуль ранавата.

   Адціснутую ўручную бялізну намотвалі на валік ці качалку і раскочвалі рубелем, ды так, што нават дрэнна памытая бялізна станавілася беласнежнай. Адсюль прыказка: «Не мыццём – так катаннем».

   Вырабіць рубель для любога вясковага жыхара было справай звыклай. Інструменты выкарыстоўвалі звычайныя – піла, сякера, стамеска і напільнік. Часам дзяржальню рабілі полай і закладвалі ўнутр дробныя прадметы, каб яны грымелі і адганялі злых духаў. Такім чынам, па-майстэрску зроблены інструмент для прасавання, служыў, акрамя ўсяго іншага, абярэгам дома і дамачадцаў.

   У побыце рубель выкарыстоўваўся не толькі як прадмет для прасавання, часам яго ўжывалі падчас мыцця бялізны, а па меры развіцця рамёстваў – для вырабу скуры і валяння абутку (валёнак).

поделиться в: