Вышыўка – від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у якім узор і малюнак выконваюцца ўручную або пасродкам вышывальнай машыны на розных тканінах, скуры, і іншых матэрыялах.
Сярод мноства формаў мастацкіх народных промыслаў вышыўка з'яўляецца самым даступным і любімым. Здаўна жанчыны з вялікім захапленнем і майстэрствам упрыгожвалі адзенне і побыт рознай вышыўкай, ствараючы каштоўныя ўзоры прыкладнога мастацтва, якія не толькі ўпрыгожвалі, але і засцерагалі ад злых духаў.
Часты ўзор вышыўкі – ромбы, ламаныя і прамыя лініі, кропкі, крыжы. Акрамя гэтых абстрактных малюнкаў, якія часта асацыююцца з сонцам, зямлёй, вадой і збожжам, у матывах вышывак прысутнічаюць і схематычныя выявы кветак, дрэў, птушак, коней, сабак.
У музейнай экспазіцыі “Беларуская хатка” прадстаўлены дзве карціны, для стварэння якіх выкарыстоўваўся папулярны від вышывання – вышыўка крыжыкам, пры якім малюнак ствараецца з дапамогай крыжападобных шыўкоў, якія ўтвараюць узор.
Вышыўка «Залатыя купалы» прадстаўляе нам храм або царкву з залатымі купаламі ў зімовым пейзажы. Карціна змешчана ў драўляную раму пад шкло.
Вышыўка "Кветкі" прадстаўлена кветкавым матывам, аформленая ў рамку, выканана ў тэхніцы злічальным крыжом на канве светла-жоўтага колеру. У цэнтры кампазіцыі – букет кветак, над якім узвышаюцца некалькі каласоў. Праца змешчана ў простую белую рамку з шырокім фіялетавым паспарту, што стварае яркі кантраст з вышыўкай.




